Я закахалася. Зьнянацку. З усяго размаху. Каханьне было забароненым – таму што гэты хлапец хоць быў і не чэкістам, але з адтуль, з тога боку барыкадаў. Я ня буду казаць дакладна, хто ён, таму што мая злосьць уляглася, і я яму прабачыла. Мы засталіся хай і не сябрамі, але людзьмі адзін да аднаго.
Гэта адбылося за паўгады да прэзідэнцкіх выбараў. Я падпрацоўвала не скажу зараз дзе, паколькі сталае працы не магла знайсьці. Праца за мізэрны заробак і зь неймавернымі ўмовамі выцягвала ўсе сілы. У адзін зь вечароў, акурат перад сканчэньнем працы, калі ў мяне быў зусім паганы настрой, прыйшоў ён. Прыемная зьнешнасьць, далікатнасьць, мяккасьць... Ён запрасіў мяне скласьці яму кампанію – яны з таварышам адзначаюць павышэньне на працы апошняга. Мне было ў той вечар так пагана, што я з ходу згадзілася – чаму не?
Ён спытаў маё імя і дзе я жыву. Калі я адказала, то... пачула ад яго поўную інфармацыю пра мяне самую. Ён паведаміў мне, дзе працуе. Я крыху сумялася. Але на ягонае наступнае пытаньне – ці не адмоўлюся я ад свайго першага вырашэньня далучыцца да ягонае кампаніі – я адказала, што ўсё застаецца ў сіле. Я ня з тых, хто адступае. Нават у такіх пытаньнях.
Мы пайшлі да яго дахаты. Таварыш быў у такім стане, што яго адразу паклалі спаць, і ён нас не турбаваў да самае раніцы. А паміж намі былі трускалкі, салодкае віно і зорная ноч.
Мы вырашылі працягваць нашую сувязь. Яна была забароненаю і небясьпечнаю, як для яго, так і для мяне. Але ад таго найвышай жаданаю. Мы ўрывалі кожную хвіліну, кожны зручны момант, каб быць разам, ня гледзячы на рызыку. І нам было абыякава, што знаходзячыся нават ў абдымках, мы ўсё роўна знаходзімся па розныя бакі барыкады. Мы адкладалі гэтую барыкаду на заўтра, калі прыйдзе дзень і кожны будзе займацца сваімі справамі, а пакуль ноч – мы будзем разам. Я хацела ад яго дзіця...
- у сьпісах ня значуся. ч.2
( Пракамэнтаваць )
