У Менск я паехала на вечар. Мне патрэбна было знайсьці яшчэ тую установу, куды мяне паслалі, таму што, наколькі я памятала, па гэтае адрэсе была крама. Да таго ж, мне патрэбна было пагутарыць з чалавекам наконт усёй справы, таму што я зусім заблыталася. На мне ўжо вісела падпіска аб нявыезьдзе, з-за якой міліцыянтам давялося пабегаць за мною па горадзе. Я выпрасіла ў лейтэнанта, каб адпусьціў мяне ў ноч, і на чыгуначнае вакзале шпікі абмежаваліся толькі тым, што далі праважатага да Стоўбцаў. Але ў Менску гутаркі не атрымалася. Усе былі настолькі занятыя сабою, што проста адмахнуліся. Раніцою я пайшла шукаць установу, паезьдзіла па ўсяму Менску, і выратаваў толькі курсант акадэміі, які пэрсанальна ведаў таго сьледчага. Так, адрэса была правільнаю. Кантора знаходзілася ў тым жа будынку, што і крама. Толькі вышай паверхам. Сьледчы апынуўся нармалёвым чалавекам. Ён адразу зазначыў, што яго самога выцягнулі з водпуска, і што яму няма ахвоты займацца гэтаю справаю. Але адправіў шукаць адваката. Пакуль я яго знайшла, пачало ўжо цямнець. Сьледчы абвясьціў мяне падазронаю па сумнавядомаму на сёньняшні дзень Арт.193.1 КК РБ. І загадаў кожны панядзелак і чацьвер рабіць адзвоны на ягоны мабільны з хатняга тэлефона, каб ён ведаў, дзе я знаходжуся. Спачатку я выконвала ягонае патрабаваньне, але чым бліжай быў дзень выбараў, тым усё часьцей махала рукою. Я працягвала сядзець у мусарне ці ня кожны дзень. Прычым бавіла час большаю часткаю ў аддзеле па справах непаўнагадовых. І чым бліжай быў дзень выбараў, тым гэтыя пасядзелкі зрабіліся больш працяглымі. А напярэдадні ўвогуле мне было аб’яўлена, што пашпарт аддадуць толькі ў нядзелю, калі пад пільным канвоем прывядуць на выбарчы ўчастак, дзе я змагу прагаласаваць. Кожны дзень цяпер я павінна была роўна а 7 гадзіне вечара рабіць адзвон лейтэнанту, каб ён ведаў, што я дома. Чым бліжэй быў дзень выбараў, тым усё большым было адчуваньне, што кожны дзень цяпер – апошні. Я магла з мусарні не вярнуцца. Але вярталася, каб нараніцу йзноў там быць.
Я ня ведаю, як у мяне атрымалася зьбегчы. Гэты дзень прыйшоў. Гэты апошні дзень. Лейтэнант доўга вырашаў, зачыняць мяне, ці ўсё ж такі адпусьціць яшчэ на адну ноч. Ён выцягнуў зь мяне абяцаньне, што я абавязкова буду дома. Я паабяцала аднымі вачыма. Я нічога яму не сказала, толькі міргнула. І ўсё ж потым адчувала сябе вельмі пагана. Зьехала.
Пра той тыдзень плошчы я нічога ня буду казаць. Таму што даўно ўсімі ўсё пераказана. Але толькі зазначу, што гэта было ні з чым не параўнальны тыдзень. Калі само паветра было насычана водарам свабоды. Калі сэрца грукала ва ўнісон воклічу Жыве Беларусь! Калі воля была так блізка... Хаця, параўнаць можна было. З Украінаю. Мяне ўразіў настрой людзей. Звычайных людзей. На Украіне іх не было. Там кожны адчуваў сваё дачыненьне да тых падзеяў. Кожны адчуваў сябе удзельнікам пераменаў. Натуральна прама на месцы здымалі зь сябе швэдры і аддавалі нам, толькі каб нам “яшчэ ноч прастаяць, яшчэ дзень пратрымацца”. Тут было зусім іншае. Абыякавасьць. Саўковая абыякавасьць. Падыходзілі з такім выглядам, маўляў – вы стаіцё? Ну і стойця, а мы паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца... Менавіта з-за гэтых саўкоў мы пацярпелі паразу. Да, мы перамаглі. Перамаглі свой страх, таму што там шмат было такіх, хто ўжо хадзіў пад крыміналкай, хто фактычна вісеў паміж небам і зямлёю. Таму што напярэдадні была кінутая пагроза (канешне, гэта быў блеф, але...) усіх удзельнікаў расстраляць... ці не на месцы. Таму што хтосьці павінен быў быць першым. Перамаглі свой страх. Перамаглі саміх сябе. Перамаглі маральна ворага. Але фізічна – не. Мы прапусьцілі той вырашальны момант, які мусіў перамяніць усё. Мы павінныя былі застацца на плошчы ў самую першую ноч. Замест гэтага мы разыйшліся па хатах. Увесь наступны тыдзень, якім стаяла плошча, быў ад самага пачатка безсэнсоўным у пляне выніковасьці. Момант быў згубленым. Усё астатняе проста мела другарадную ролю.
Мяне шукалі. Мяне ўжо шукалі. Як там, “ішчут пажарнікі, ішчут міліцыя, ішчут гэбэшнікі, і ня могуць знайсьці...”. Толькі без пажарнікаў. Ірвалі шапкі, елі пагоны. Але ў пошук не абвяшчалі. Таму што ведалі, дзе я. Можа быць, таму што не абвяшчалі ў пошук, я засталася на воле. Было шмат такіх момантаў, калі мяне маглі проста затрымаць дзеля праверкі дакумантаў. Мой пашпарт знаходзіўся ў Нясьвіжы. Былі такія моманты, калі спэцназаўцы маглі проста затрымаць мяне, таму што выдатна ведалі, што я ня левая на плошчы. Магло стацца ўсё...
Калі зь Нясьвіжа прыйшоў адказ на запыт сьледчага, што я зьнікла, ён сам знайшоў мяне. Праз майго адваката. Упэўніўся, што са мною нічога ня здарылася і загадаў звальваць з (плошчы) Менску найхутчэй. Гэта было перад пагромам. Зь Менску я не зваліла. Ня здолела. Маральна ня здолела. А з плошчы давялося сысьці. Цераз сьлёзы. Цераз боль. Адвакат мяне выдзернуў адтуль фактычна за вушы. На раніцу даведалася, што ўсё, нашых больш няма, усё зьмецена...
- у спьсах ня значуся. ч.6
( Пракамэнтаваць )
