Я зьехала зь Менску 25 сакавіка. Я ня ўдзельнічала ў кідку. Таму што ня бачыла ў гэтым кроку рацыі. Гэта быў чыста імпульсіўны парыў з боку ўсім вядомага дзеяча. І тое, што яго пасьля зачынілі на такі тэрмін – гэта было правільна – чалавек мусіў астудзіцца і перагледзець сябе... шкада, што жанчыны не стала. А яна была сапраўднаю гераіняю...
Я вярнулася дадому і адзванілася сьледчаму – як паложана. А ён запатрабаваў, каб я вярнулася ў Менск – узьніклі сякія-такія пытаньні.
Пытаньні былі наконт таго, дзе ж я ўсё-такі была ўвесь той тыдзень, за які мяне згубілі ў Нясьвіжы. І чаму я так хутка адшукалася – што я рабіла ў Менску?
Кажу – я была з каханкам. Завісала зь ім цэлы тыдзень. А хто ён такі – сказаць не магу, таму што хлапец жанаты і я не хачу яму пашкодзіць. Ухмылачка сьледчага.
А праз колькі дзён ён сам прыехаў у Нясьвіж. Сьледчы, а не каханак. Добра, што так, інакш мне б давялося шукаць якога-небудзь жанатага хлопца, які б здолеў пацьвердзіць, што быў са мною... Сьледчы да гэтага пытаньня больш не вяртаўся. Затое ён знайшоў тых маіх знаёмых, зь якімі я састыкавалася ў лютым і патрапіла разам зь імі ў вёску, дзе пазнаёмілася са Шмондзерам. Я тады прыгадала сямейства алкашоў, якія вечна бадзяліся па вёсцы бухімі, і падумала, што ня будзе вялікаю шкодаю, калі іх крыху пацягаюць... Дзяўчына даўно зваліла зь вёскі – выйшла замуж недзе ў Менск і кінула піць. Хлапец так валацужнікам і жыве. Але я зь імі насамрэч апошні раз кантактавала гадоў зь пятнаццаць таму (калі яшчэ быў нейкі тоўк – мы ўсе былі меньшымі), пра што і ён, і яна не перамінулі нагадаць. Ладна, сьледчы махнуў рукою на ўсё гэта – таму што і доказаў таго, што я была ў Менску, не знайшоў. Шмоньдзер чукча і павінен вярнуцца ў сваю Чукчыю. Праз паўгады, якія ён адседзеў у Жодзіна за пратэрмінаваны пашпарт, яго дэпартавалі ў Расею.
Сьледчы яшчэ колькі разоў прыяжджаў у Нясьвіж – горад яму вельмі спадабаўся. Да, у той самы дзень, калі ў мяне рабілі ператрус, гэта ж было і ў хаце аднаго мясцовага дзеяча. У яго шукалі паперу, якая пацьвярджала маё дачыненьне да МФ. Не знайшлі. Але вельмі пакрыўдзілі. Тым, што прыцапіліся да яго з-за мяне. З тога дню – уй, што ты, насы ўгору, морды набок – мы цябе ня ведаем... сука ты мянтоўская. Я і не асабліва імкнулася кантактаваць зь ім і ягонымі хлапцамі. Было, канешне, балюча. Але і не такое перажывала. Сьледчы яшчэ і іх крышачку пацёгаў. Значна пазьней я чытала ў сваёй справе, што яны яму наплялі. Прыемна зрабілася толькі ад словаў аднаго: ён не адмаўляўся, што разам са мною некалі ствараў першасную суполку. Але ўжо колькі гадоў як выйшаў і не займаецца гэтымі справамі. Цяпер ён сябра партыі, якая стала зарэгістраваная. Упэўненыя словы нармальнага чалавека. Удзячная яму за гэта. Усе астатнія адмовіліся нават ад знаёмства са мною, хоць, падобна яму ж, даўно выйшлі і не займаліся гэтымі справамі, зьяўляючыся сябрамі стала зарэгістраванае партыі. Сьмешна. Такі маленькі горад, як наш Нясьвіж прадугледжвае веданьне адзін аднога, асабліва ў такой плыні, веданьне, калі не асабіста, дык імя.
На апошнім допыце сьледчы параіў забраць з мусарні пашпарт і шукаць працу.
Але пашпарт свой я забрала толькі пасьля ЧШ. Ня памятаю, ці занатоўвала гэта раней, але тут няблага будзе нагадаць. Крыху падумаўшы, што ўрэшце ж бяз пашпарта жыць нельга (за гэта і адказнасьць ёсьць), я вырашыла яго забраць у красавіку. Акурат напярэдадні ЧШ. Прыходжу ў мусарню – дзе мой пашпарт? Там падумалі-падумалі... і сказалі, што ня ведаюць. Як гэта ня ведаюць?! Знайшла начальніка мусарні і да яго – дайце паперу, хачу напісаць скаргу. Ён – на каго? Я кажу – ня ведаю, у мяне забралі пашпарт яшчэ ў лютым і не аддаюць. Добра, кажа, мы тут без заявы самі пашукаем, ты прыходзь заўтра з самае ранічкі.
Прыйшла я з самае ранічкі. Пад 12 дню. На мяне наш нясьвіскі сьледчы: а, мы табе казалі каб з самае ранічкі, а ты калі прыйшла?! Цяпер той кабінэт зачынены, дзе ляжыць пашпарт, прыходзь заўтра.
Заўтра – ЧШ. З самае ранічкі зрываюся ў адваротным ад мусарні накірунку. Ніхто не запыньвае. Вяртаюся празь дзень – і ў мусарню. З самымі наіўнымі вочкамі – я харошая дзевачка, аддайце мне пашпарт... Там так крычалі... Там такі фтык ім быў за тое, што я патрапіла на ЧШ (праўда, я шыфравалася, нават гарна так шыфравалася, фоткі такія ўдалыя атрымаліся)... Там проста ляталі шапкі... Нашто табе пашпарт – пытаюць, – можа, каб ён у нас быў, каб ты куды ня ўлезла, каб нам спакайней было? Аддалі, але міліцыянт, які ўвесь гэты час трымаў у сваім сэйфу мой пашпарт, зазначыў, што калі буду ўладкоўвацца на працу, каб паведаміла яму – пойдзе са мною... Ён жа пазьней мяне й уладкаваў на льнозавод.
На апошнім допыце запатрабаваў напісаць “адказную”. А потым прыйшла папера, што справа прычыняецца. На падставе гэтае “адказной”. Я паехала да сьледчага забраць некаторыя рэчы, якія былі забратыя падчас ператруса. Запыталася ў яго – калі б з пагромам забралі мяне, ён бы зачыніў мяне насамрэч? Ківае – пайшоў бы на прынцып і зачыніў бы на поўную. Параіў мне пралічваць кожны свой рух на пяць крокаў наперад. І выказаў пажаданьне сустрэцца калі яшчэ, але не пры такіх абстоінах. Але кнігу “Пакаленьне Маладога Фронта” так і не вярнуў – сказаў, сам будзе чытаць. Ну, і хай. Потым калі, як усё скончыцца, знайду і папрашу. Можа, да тога часу, прачытае...
Ч.8
Падчас усяе справы вакол мяне завіхаліся цётачкі. Мы табе тое, мы табе гэта... а ў выніку – нічога. Згодна, сама вінаватая, патрэбна было патрабаваць. А я чакала. Таму што для мяне пачатак справы быў нейкім падабенствам да гульні. Можа, таму што сьледчы так адносіўся. Можа, таму што я нічога не страціла. На той момант ні працы, ні вучобы. Ніадкуль не папёрлі. А шмат людзёў, каторыя засталіся ні з чым. Я лічыла, што ім патрэбна ў першую чаргу дапамога, а я пачакаю...
І пакуль там у іхнім асяродку падымаўся вэрхал наконт таго, што пачаліся нейкія тэлефанаваньні інтымнага характару некаторым жанчынам (ускосныя дамаганьні), я не магла летам проста выйсьці на вуліцу, таму што натуральна патрапляла ў аблапваньні (прамыя дамаганьні), прычым лапалі міліцыянты. Сказала пра гэта была ў Менску – бо ўжо не вытрымлівала такіх адносінаў – мяне “супакоілі”: гэта звычайная зьява, а калі не падабаецца – сыходзь. Мне давялося самой выкручвацца. Мне давялося пасябраваць зь міліцыянтамі – тады спыніліся дамаганьні, але тады з боку нашых мясцовых дзеячоў пачаліся абразы.
Чакала паўгады. Але абяцаньні засталіся абяцаньнямі. Працу мне знайшлі міліцыянты. Вучоба...
Тэлефануе аднойчы фіфачка, кажа – ёсьць адна магчымасьць, трэба заўтра з усімі дакумантамі пад’ехаць у амбасаду. Усе дакуманты – гэта і медычная даведка. Лячу ў бальніцу, скалочваю там усіх – дакумант патрэбен тэрмінова, таму што вучоба за мяжою. Прыяжджаю да амбасады – гэтая ж фіфа, што мяне запрашала, так грэбліва: тут зачынены прыём, куды вы разам з усімі? Гляжу на яе – нічога сабе... потым сітуацыя спляжылася, але ападак застаўся.
Праз колькі часу яна ізноў тэлефануе (я сядзела тады з гіпсам на назе) і кажа, каб я сама патэлефанавала ў амбасаду, таму што там нейкія непаразуменьні. Тэлефаную. Мне кажуць, што, таму што я на момант рэпрэсій не вучылася і не была адлічана з вучобы, то і рацыі няма ў паступленьні... Вось так, з пляча.
Цётачкі закідалі мяне паштовачкамі, зьмест якіх – мы гатовыя дапамагчы... Калі гатовыя – дык дапамагайце, а не калаціця душу. Што мне вашыя паштовачкі? Я сядзела са зламанаю нагою, а на мне вісеў штраф, які я фізічна не магла сплаціць. Штраф мне потым адміністратыўная камісія ж прабачыла і замяніла папярэджаньнем – увайшлі ў становішча. Я прасіла ўсіх дапамагчы. Ніхто не прыехаў. Ніхто не прыехаў нават проста наведаць – далёка. Вельмі далёка, прам за мяжою. Парыж. Нават пасылку для сябе ж самой давялося выпрошваць – бо абмовілася (наўмысна), што мне вось 25, а я з гіпсам. Я хацела, каб яны здагадаліся, што трэба ж нешта... а гэтая цётачка адразу пачала пытацца – а можна мы табе прышлем пасылачку?.. Па-першае, пра гэта не пытаюцца. Па-другое, я спадзявалася на іхнюю здагадлівасьць. Па-трэйцяе, гэта ўжо не было прыемным сюрпрызам. Я сама выпрасіла для сябе падаруначак. Адразу зьнікла ўся цікавасьць, хоць яны на гэты раз выканалі абяцаньне – пасылачка была смачнаю.
Наконт яшчэ аднаго пункціка “дапамогі”. У той жа год, я яшчэ была з гіпсом, памёр дзед. Пасьля Новага году, літаральна празь месяц, памёр другі дзед. А нас у лютым накрылі на хаце. Мне потым прыйшло па пошце. Цётачка кажа – гэта за тое, што ты нацярпелася. Бо ізноў жа такі, нейк перад шмонам яшчэ, распавяла ёй, што засталася без абодвух дзядуляў. Ненаўмысна – проста было сумна, і хацелася, каб хтось пашкадаваў...
Паўгады на мяне забылі. А я і не нагадвала, не патрабавала ад іх нічога – здаволілася паступленьнем. Можа, і сама вінаватая, бо цотка аргументавала іхнюю немагчымасьць дапамогі: тут, у Нясьвіжы, працы не знайсьці, для таго, каб яны мне дапамаглі з працаю, патрэбна шукаць жытло ў Менску. Для таго, каб знайсьці жытло ў Менску, патрэбна мець вялікія грошы. Грошаў яны мне ня могуць даць, а ў самой няма. Нічога не атрымаецца, карацей.
Ну, яны і ня моцна стараліся. Толькі паштовачкі. Былі, праўда, яшчэ спробы наконт адукацыі. Але цётачкі ўмудраліся тэлефанаваць менавіта тады, калі мяне цягалі па мусарне. Да таго ж, запытваліся з такім, не магу нават зазначыць якім, тонам: ну што, вас яшчэ цікавіць паступленьне? А ў мяне на самым піку разборкі, якое паступленьне?! Альбо просяць скінуць на мыла там нешта... На той момант не было кампа. Не было нэта. У горадзе толькі адна кропка – і тая па папярэдняму запісу. А яны тэлефануюць – “заўтра апошні дзень”.
Калі справу паднялі з архіва і аднавілі, сітуацыя крышачку зьмянілася. Калі я папрасіла не кідацца паштовачкамі – бо яны мне ўсю душу зьелі абяцанкамі ўжо, лагоднасьць цётачак як карова языком зьлізала. Чалавек пэрсанальна (я не буду ў сваём аповядзе называць будзь якое прозьвішча, нават, калі і можна – як усіх, дык усіх... можа, значна пазьней, калі ўжо будзе можна ўсё) наведваў іх і выбіў для мяне матэрыяльную падтрымку, цётачкі ж умудрыліся заціснуць пару паперак – маўляў, аддадзім пазьней. І так зьедліва: ну што, табе яшчэ не надакучыла змагацца там адной?
Я вырашыла проста не зьвяртаць увагі. У мяне і так былі скалочаныя нэрвы гэтаю крыміналкаю, якая невядома адкуль узьнікла. Прычым, яшчэ зь лютаўскага шмону, як мне зрабілася зразумелым з ліставанкі, у паветры пачала лунаць чутка пра крыміналку, хаця нагоды для яе не было (!). Поўнасьцю расплюшчыліся вочы, калі жанчынка, якая дагэтуль сюсюкала, накінулася на мяне з абразамі – у сына з-за цябе ператрус быў (я потым, як чытала сваю справу, зразумела: пры ператрусе у мяне знайшлі адну-адзіную паперу, на якой было прозьвішча яе сына, і з-за гэтае паперы іх скалацілі)... і там – неперакладных выразаў не было, але здагадацца было можна.
Нікога нічога не цікавіла. Мне сказалі – вось, калі будзе суд, ты нам патэлефануй і паведамі, як ён прайшоў... Гэта пры пагрозе зачыніцца на два гады. Хаця, я ў паталок і сама не верыла – максімум што магло быць рэальна – паўгады. Справа раскруцілася занадта хутка. Ізноў у Нясьвіж прыяжджаў адзін толькі сьледчы (але ўжо з пракуратуры). Рэальна так акапаўся, знайшоў сабе, што яму было тут патрэбна (мяне не чапаў, выклікаў пасьля да сябе ў Менск), і зьехаў. Прычым, калі першы раз зь ім сустрэлася, то ў яго яшчэ былі сумневы, ён мне так пасьля і сказаў – маўляў, думаў, што больш не сустрэнемся, але вось, не атрымалася. А свае... гэта была прымусовая салідарнасьць. У такія моманты, калі вісіш літаральна на нітачцы паміж (...), вельмі гостра ўсё ўспрымаецца. Любы рух, любое слова – нават добра прыхаваны фальш вылазіць ва ўсёй сваёй прыгажосьці. І ён вылазіў, да моташы, да сьлёз, якіх я ўжо не магла схаваць, бо мяне забівала гэтая ня проста абыякавасьць, але імкнэньне на мне зрабіць сабе піяр. Акрамя лічаных людзей, якім я насамрэч удзячна, ніхто сюды не прыехаў, калі мне патрэбна была падтрымка. Удзячная тым, хто адарваў ад сябе колькі важных справаў, патраціў дзень, але прыехаў. Толькі дзякуючы ім я вытрымала. І пратрымалася. І на судзе мне патрэбны быў толькі адзін чалавек... Я была б насамрэч шчасьліваю, калі замест ўсяго гэтага кагала цётачак на судзе прысутнічаў толькі адзін чалавек (каб не пакрыўдзіць яшчэ некалькіх, якія насамрэч шчыра тады прысутнічалі, перапрашаю прабачэньня – дзякую вам, што вы былі таксама). А ўвесь гэты кагал цётачак, якіх нічога не цікавіла, акрамя ўласна сябе...
У канвою быў начальнік інсьпекцыі па справах непаўнагадовых. Высокаклясны псыхоляг. Глядзеў на ўсё незаангажаванымі вачыма. І бачыў усё. Потым паказаў запіс суду і растлумачыў, дзе фальш. Я сама не зьвяртала ўвагі. Я была занятаю сваім судом. Пакінула напотым магчымасьць прааналізаваць усё... Я лічыла, што пасьля ўсе ірванулі ў іншы горад на іншы суд. Але ж самі цётачкі потым паведамілі, што доўга гулялі па Нясьвіжы. Мы з мамаю разьвіталіся зь імі ў раёне аўтастанцыі і вярнуліся дадому ўдвох. Есьці торцік перамогі. І ніхто зь іх не выказаў жаданьня завітаць да нас. Ніхто зь іх не пацікавіўся, як я жыву. Нікому гэта не было патрэбна... А потым, пазьней, калі мне давялося пераначаваць у хаце аднае з гэтых цётак (калі б я зараней ведала, што яна там жыве – ні за што б не згадзілася), яна мяне моцна абразіла: яна прыяжджала на суд, і ў яе была магчымасьць паглядзець на маю кватэру, яна гэтага не зрабіла, а цяпер зь нейкім жахам пыталася, ці ёсьць у нас гарачая вада (ці мы мыемся ў тазіку – скрозь словы) і ў гэтым пляне ўсё астатняе...
Каб аплаціць штраф, які мне выпісалі, мне давялося самой шукаць. І гэта натуральная праўда. Дакладней, вырываць усё зубамі. Абыякавасьць ня проста скразіла, яна біла і калечыла.
Калі да мяне прыехаў чалавек і прапанаваў падпісаць некаторыя паперы, я схапілася за галаву. Гэта не было нават падобна на дапамогу. Гэта прамымі словамі ўжо былі юдавы срэбнікі. І я адмовілася. Я не прадаю ні сваіх, ні чужых. Тым болей, калі невядома, дзе свой, а дзе чужы... Я лічу сябе вышай гэтага. І ні аднаго разу не пашкадавала, што адмовілася тады. Таму што пасьля у мяне была яшчэ адна размова з жанчынаю. Я спытала ў яе – калі дойдзе чарга да Нясьвіжа? Яна мне адказала, што акрамя мяне ёсьць яшчэ 1.500 чалавек, якія таксама чакаюць дапамогі. “А у цібя депресія, цібе нада к врачу”...
Гэта яе дакладныя словы. Я не абураюся. Мне засталося толькі паставіць сьвечку за здароўе гэтай мілай добрай жанчыны. Хто мяне загнаў у гэтую дэпрэсію, зь якой я выдзіралася больш года? Між іншым, дапамаглі ачуняць усё тыя ж міліцыянты. Якія заўсёды прыходзяць на дапамогу. Не пытаючыся – ці можна. І не чакаючы, пакуль я пра гэта папрашу. Тады хтось з нашых круціў пальцам у скроні, калі я аднойчы паведаміла, што прысутнічаю гледачом на мусарскім конкурсе на лепшага супрацоўніка. Не разумелі. А мяне выцягвалі з дэпрэсіі – “ногі ў рукі і праз пяць хвілінаў каб была”. Торцік з гарбатаю на мой Дзень народзінаў у пастарунку – мяне выцягвалі з дэпрэсіі. Усё для мяне. Усё дзеля мяне...
Яшчэ тады мяне зацікавіла, чаму у генерала Жадобіна было 1.756 (ці колькі там было дакладна?) пацукоў, а на чарзе ў нашых цётачак усяго толькі 1.500 чалавек? Куды падзеліся яшчэ 200 з гакам? Чаму іх не ўлічылі?
Зараз прыйшло разуменьне. 2.6% - гэта і ёсьць тыя самыя 200 з гакам. 2.6% тых, “хто не прайшоў праверкі”. Я ў іх ліку. І вельмі радая. Мяне больш не турбуюць паштовачкамі. Мне больш не дакучаюць. Я ў сьпісах ня значуся. Усё спакойна.
- у сьпісах ня значуся. ч.7
( Пракамэнтаваць )
