паміж сапраўднымі ворагамі павінныя быць сяброўскія адносіны

свабода праз рэвалюцыю

Папярэдні запіс Дадаць да запамінаў Паведаміць сябру Наступны запіс
отпуск. ч.1 пачатак
[info]revalucionare
Сёлета на 3га ліпеня нашае літаратурнае аб’яднанне ізноў чытала вершы на пляцу Сымона Буднага. І не толькі – да нас далучыліся хор ветэранаў, проста людзі, якія жадалі зыркануць сваім талентам (увогуле, нясвіжся зямля на таленты вельмі багата – паэтаў, мастакоў, песняроў – кожны чалавек штосьці мае...). А на 4га ліпеня была заплянавана сустрэча з палякамі – эмігрантамі з Нясвіжа, якія калісьці былі вымушаныя пакінуць сваю Радзіму пад ціскам рэпрэсій. Мне было цікава патрапіць на сустрэчу, таму я вырашыла пакінуць сёлетняе свята без сцяга. Ды і не атрымалася б у мяне нічога – плошча была пад аховаю і мяне б запынілі б адразу. Таму я міліцыянтаў зараней папярэдзіла, што яны могуць быць спакойнымі – ніякіх сюрпрызаў зараз не будзе.
Пляц таксама ахоўваўся. З задавальненнем адчыніла (! Прыемна здзіўляюся ўвесь час дзяўчатам – я забароненая, выканкам ім па вушах дае з-за мяне, а яны ўсё роўна робяць сваё, на гэты раз я непроста ўдзельнічала, я адчыняла праграму...) мерапрыемства вершам:

Беларусь
Я люблю цябе, Беларусь,
Я люблю твае вочы сінія.
І як кружыць у небе бусел,
Я люблю назіраць часінаю.
І як лашчацца васількі
У гуллівым жытнёвым полю,
І сцюдзёнасць празрыстых крыніц,
Як разгульваюцца вясною.
Я люблю цябе, Беларусь.
Люблю слухаць у надвячорку
Спеў, што льецца цішой па акрузе
Ад зямлі і да самых зораў.
Водар спешчаных навальніц
Ап’янелай у сонцы вясёлкі,
І як ў снезе найпершым гарыць,
Пунсавее рабіны гронка.
Я люблю цябе, Беларусь.
Я люблю… можа гэта і дзіўна,
Што ў каханні сваім прызнаюся,
Як хлапец прызнаецца дзяўчыне…

Як і мінулы раз, слухачамі былі большаю часткаю пенсіянеры, але кожны, хто праходзіў міма, мог спыніцца і паслухаць. Мяне задавальняла, між іншым, не гэта: слухалі і міліцыянты. Для іх чытала... Шкада, што маёй сольнай праграмы не было, бо так хацелася пачытаць вершы, якіх чытаць было нельга...
Нашае аб’яднанне было не ў поўным складзе, а часу было – з 14.30 да 18.00. Хор ветэранаў атарваўся, заняўшы добрую гадзіну, і іх, як мага мякчэй, папрасілі дазволіць іншым паўдзельнічаць. І, канешне, верш пра Нясвіж:

Горад-зніч
О, Нясвіж! Няма сіл усхваляць
Мне тваю прыгажосць векавую.
Ты даў ўсё, што мог увабраць
Ад жыцця, ў нашу памяць людскую.
О, Нясвіж! Шмат ты бачыў падзей.
Шмат цярпеў. Шмат ад болю крычаў.
Ты квітнеў ў захапленні князёў
І кахаў! Так кахаў! Так кахаў...
О, Нясвіж! Сын эпохі. Магнат.
Ты стары... І такі малады!
Ты мой сон. Ты мой лёс. Ты мой брат.
Ты мае закалыхваў гады.
О, Нясвіж! Твой адзін запавет
Буду я зберагаць аж да скону:
Пратрымаці, як некалі дзед,
Нават ў попелу абарону.
О, Нясвіж! Горад-зніч. Горад-бай.
Ты – куточак забытага Раю.
Уначы й удзень ты спявай
Пра гісторыю роднага краю.

Калі прачытала верш пра каханне, дзяўчаты паведамілі, што дзядзька Вася стаяў побач (але так, каб яго не бачыла) і слухаў...

Ураўнаваж
Ураўнаваж мяне сабою.
Ураўнаваж маё дыханне.
Хай будзе ўсё, што так – лухтою.
Хай будзе ўсё, што не – каханнем.
Ты будзеш для мяне дзіцём.
Я для цябе буду сястрою.
Ураўнаваж шаленства дзён
Маланкай ліпеньскай начною
Ураўнаваж ў грудзях агонь
Наіўным простым пацалункам.
Вазьмі з сабою маю волю
Гукам таполевых карункаў.
Ты будзеш для мяне дажджом.
Я буду спёкай навальнічнай.
Ураўнаваж маё жыццё
Гулам напоружанай сталіцы.
Ураўнаваж мяне сабою.
Ураўнаваж маё дыханне.
Хай будзе ўсё, што так – лухтою.
Хай будзе ўсё, што не – каханнем.

А калі пачала чытаць апошні верш, паўз наш пляц праходзіла выканкамаўская камісія, на чале з самім Інквізітарам (яны правяралі ход святочных мерапрыемстваў). Дзядзькі ажно спыніліся і даслухалі ўвесь верш. Твары былі больш, чым здзіўленымі.

Таполі
Ад чаго вы, таполі, такія духмяныя,
Што аж кругам ідзе галава?
Словы шэпчаце, недасказаныя,
Спеў салодкі ці не даспяваць?
Вецер кідае жмені пухнатыя,
Нібы снегу зімой недасыпаў.
Неба кропліць, у чым вінаватае?..
Травы лашчацца мяккай прасцінаю.
Эх, чаго ж вы, таполі, такія духмяныя,
Што аж хочацца ўзляцець
Па-над гмахамі, недаспанымі,
Дзе зарніцы народжаюць лета,
Дзе звініць цішыня непрысцішана
Гукам лёгкім і раптам пранізлівым,
Што аж сэрца ў драбінкі крышыцца,
Разрываецца... эх, шчаслівае!..
Вечар зоркі запальвае йскрыстыя,
Некранутыя, недагуляныя,
Незаручаныя... ды не забытыя.
Дык чаго ж вы, таполі, такія духмяныя?..

Перамога была маёю. Мне потым сказалі, што перад святам выканкам гудзеў наконт мяне, жадаючы ўвогуле зачыніць, нейтралізаваць... а пасля, як усё скончылася, ціха маўчаў, старанна перажоўваючы мае вершы. Болей, чым упэўнена, што праз колькі часу запросяць на яшчэ адну размову ўжо вядомага зместа...

Пасля мерапрыемства пайшлі з дзяўчатамі на Папову горку. Перад тым трэба было зайсці ў гастраном. Мне ўручылі гітару, і я засталася чакаць усіх на вуліцы. Стаю ля гастранома з гітараю. Насупраць, на другім баку вуліцы, стаяць міліцыянты. Паўгадзіны, пакуль я чакала дзяўчат, паміж намі лунала ўсмешка. Трэба будзе навучыцца граць на гітары, бо, мусіць, хлапцы спадзяваліся на працяг...

Салюта не дачакалася. Ён пачаўся, калі ішла дадому. Настрой такі, летуценна-рамантычны...

4 ліпеня была сустрэча з палякамі... Зь беларусамі, якія некалі былі вымушаныя зьехаць адсюль пад ціскам рэпрэсій, дзейі і ўнукі тых, хто патрапіў у жорны Казахстана... Паны й паненкі гулялі па Нясьвіжы ўжо тыдзень, ўбіраючы ў сябе аксамітны водар беларускага паветра. Урачыстая сустрэча ж адбылася ў суботу, у бібліятэцы. Госьці (ці гаспадары?) падарылі нам трохтомнік успамінаў аб Нясьвіжы. А потым мы ўсе разам чыталі вершы. Гучалі арыгіналы на польскае мове, пасьля – пераклады на беларускай. Вось тое, што чытала я:

Ян Бурба

Я ўзгадаю цябе вясноваю кветкай,
Подыхам ветра, пяшчотным і ціхім –
Што цябе лашчыў ў шырокіх палетках, –
І водар цюльпанавых нітак.
Юлечка! Помніш у Альбе гірлянды,
Што над ракой мякка звісалі –
Месяц сярэбрыў цішой алеандры,
Якія так соладка пахлі.
Парк увесь зоркі пазалацілі –
З поўняй хацелі пасараўнавацца,
Ды ззяннем сум мне наваражылі,
А так хацеў я з табою застацца...
Юлечка! Ужо ніколі не вернецца тое,
І твой маладзенькі і мілы абрыс
Ужо ніколі мяне не ўсхвалюе
Падабенствам нябеснай свяжосці расы.
Юлечка! У сне бачыў празрыстай цябе
З вянком красак на любых мне скронях.
Юлечка, ты ўся была як светлы прамень...
Ды ў руках заставалася сонца,
Калі я спрабаваў да цябе дакрануцца,
І яно адразу знікала...

Станіслава Вятр-Партыка

Я павінна з’ехаць адсюль назаўсёды?
Я павінна з’ехаць, пэўна, Бог так хоча?
Усё перад вачыма нібы ў тумане,
Моташ расплываецца... Божа, не!
Маё сэрца плача, маё сэрца просіць:
Дай яшчэ хвілінку, Божа, для касцёла!
Выслухай, мой Божа, простую малітву...
Калі нас не будзе, не пакінь Нясвіж!
Я прашу ў адчаю – пачуй шэпт малітвы...
Не пакінь, мой Божа, любы наш Нясвіж!

Скончылася ліха, быццам ночкай стылай.
Скончылася ліха, і так цёпла, дзіўна:
Паўсталі далёка родныя мясціны...
Маё шчасце, радасць... рана болем свежым...
Я тут. А як далёка... як блізка Нясвіж...

Прашу толькі, Божа, – пачуй шэпт малітвы:
Калі нас не будзе, не пакінь Нясвіж!

У залі прысутнічала і сама паэтка, пані Станіслава. Дачка рэпрэсаваных. Яна плякала... Плякалі ўсе. У мяне дрыжэлі рукі, і на апошніх радках проста сарваўся голас. Гісторыя – жорсткая штука, мы – адзін народ, але нас прымусова падзялілі межы, падзялілі рэжымы... Узгадалі, як у 1944 годзе на тэрыторыі Нясьвіжа адбылося паўстаньне барацьбітоў за незалежнасьць нашай агульнай Радзімы супраць фашыстаў і камуністаў... І ўсе, хто прысутнічаў зараз у залі, трывалі хвіліну маўчаньня ў гонар герояў.

На невялічкім перапынку, пасьля якога была зладкаваная гарбатка, паны й паненкі абдымалі й дзякавалі за тую шчырасьць, якая гучала ў маём голасе. Тут былі і нясьвіскія каталікі. І калі апошнія паведамілі, што я таксама спакутавала ад ужо сёньняшняга рэжыму... я ніколі і нідзе ня бачыла тых непераказальных пачуцьцяў, я проста не магу знайсьці словаў для таго, каб перадаць іх цеплыню і шчасьце... Яны запрасілі нас да сябе (пакуль яшчэ) ў польскі дом згуртаваньня палякаў на Беларусі, на заключную частку сьвята, таму што ў панядзелак ужо мусілі вяртацца ў Польшчу.

Потым, як усё скончылася, і госьці разыйшліся, дзяўчаты схапіліся за галаву. Ня гледзячы на тое, што сустрэча была дазволенаю, над намі ўсімі вісеў тут дамоклавы меч, летась няўцямна павешаны мною. І той успамін пра паўстаньне мог каштаваць... залішне шмат, для таго, каб не зьвярнуць на яго ўвагу... Потым махнулі рукою: тры сьвяточныя дні, патрэбна адцягнуцца, даць волю весялосьці, а потым хай будзе ўсё, што будзе. Калі што – адказваць мне.

А 5 ліпеня у нас быў яшчэ заплянаваны канцэрт Зьміцера Вайцюшкевіча. У бібліятэцы. Нажаль, я не здолела патрапіць, таму што трэба было быць у Менску. Таму што запрашалі на офіс, узьнікла адчуваньне, што будуць цёркі, таму што павінен быў прысутнічаць адзін чалавек, якіх аднак, здолела пазьбегнуць – бо і нікому яны не былі патрэбнымі, а той чалавек, калі што і думаў, то не спрачаўся. Таму што нам было па дарозе, у Нясьвіж я вярталася разам зь ім.

Я ня мела жаданьня зь ім размаўляць, таму ўсю дарогу маўчала, зрэдку ўстаўляючы “гмг” і штось накшталт гэтага, у ягоныя рэплікі. Чалавек таксама ня моцна дакучаў. Мусіць, проста ня ведаючы, пра што гаварыць. Хаця, павінна сказаць, што антыпатыі да яго я не адчуваю, таму што гэты чалавек мае рацыю амаль ва ўсім, што датычыцца зносінаў паміж сталіцаю і рэгіёнамі. І амаль ва ўсім гэтым я зь ім згодна. Але я лічу, што кожны горад мае сваю спецыфіку працы. Асабліва мой Нясьвіж. І дзяліцца з кімсьці яшчэ Нясьвіжам не жадаю. Такога складу вось нашыя натуры. Проста не хачу зь ім супрацоўнічаць. І ўсё.
Па вяртаньні я адразу завітала да палякаў. Яны мне падарылі дзьве кніжачкі вершаў. Там так было цёпла й весела, так шчыра і сьветла... Мы паабяцаліся сустрэцца на наступны год яшчэ раз.

А я пакуль буду вучыць польскую мову. Яна зразумелая, але хібы ў валоданьні ўсё-ткі ёсьць. І трэба аднавіць сувязь са сваякамі па бабулі, зь якімі ўжо даўно ня бачыліся.

Пра якога чалавека ты тут згадваеш, я зразумеў )) Дарэчы, прабач, што пазбавіў цябе канцэрта ;)

:) нічога, дзяўчаты мне потым зрабілі справаздачу (хоць на гэты раз была цалкам і поўнасьцю ініцыятыва спадара Вайцюшкевіча і да мяне ён ніякім бокам), што было весела, цікава, захапляльна і ўражліва... болей патрэбна запрашаць, болей патрэбна прыяжджаць...


Home